З Крынак і назад
На пачатку верасня 1936 г. у Крынках настала ўжо восень. Тут і сёння яшчэ не ўсе называюць поры году паводле афіцыйнага каляндара — вырашае прырода. Бо ў гэтым кутку свету восень надыходзіць папраўдзе месяц раней. Невыпадкова на праваслаўную Ганну (7 жніўня) кажуць тут — асенняя панна. І нічога, што яшчэ пару тыдняў сонца можа яшчэ вельмі моцна прыпякаць, але ўжо мае яно зусім іншы колер, ружовенькі-аранжавы, значыць — менавіта асенні. А лета — гэта жніво, якое зацягнуцца можа нават да праваслаўнай Зельнай (28 жніўня).
Даваенныя Крынкі былі гаманлівым жывым мястэчкам. Налічвалі каля 10 тысяч жыхароў. У большасці былі гэта жыды — пераважна крамнікі і работнікі шматлікіх тут фабрычак, найчасцей ткачы і гарбарнікі.
Сярод рэшты — у мяншыне хрысціян — рашуча пераважалі праваслаўныя, бо католікаў тады было толькі нейкіх пару соцень. Адны і другія гаварылі па-просту, значыць — па-беларуску. Карэнную мову мясціны добра ведалі нават жыды — вядома, для гандлю.
Чатыры гады да выбуху вайны ў сялянскай хатцы Яновічаў пры Сакольскай вуліцы, у даліне на прадмесці Крынак, нікому і ў галаву не прыходзіла думка, што праз пару вёснаў зноў затрасецца ўвесь свет. Усе добра яшчэ памяталі бежанства - валакіту ў глыбіню Расеі і назад, адкуль вярнуліся ледзь пятнаццаць гадоў таму. Цяпер Косцік Яновіч і яго жонка Аляксандра з Грыкаў (з недалёкай Барсуковіны) думалі ўрэшце спакойна пажыць, спадзеючыся неўзабаве першага дзіцяці. Каб было як у людзей.
Збожжа з поля ўжо спраталі. Косцік Яновіч узяў у рукі цэп і на таку ў стадоле пачаў малаціць жыта на насенне. Цяжарная Аляксандра выбірала бульбу і гародніну з агароду. Раптам адчула, што будзе радзіць, пачаліся болі. Адразу выклікалі бабку — знахарку-акушэрку.
Вось так 4 верасня 1936 г. з’явіўся на гэтым свеце Сакрат Яновіч. Такое незвычайнае імя выбрала яму маці. З такім імем сустрэлася ў бежанстве. Надта заімпанаваў ёй небывала разумны сын рускай настаўніцы, якога звалі менавіта Сакрат. Абсалютна нічога не ведала пра радавод гэтага імя, што паходзіць ад грэчаскага філосафа, памерлага 2500 гадоў таму. Калі нарадзіла сына, заўпарцілася ахрысціць яго Сакратам. Бацюшка Антон Савіч глянуў у кнігу са спіскам праваслаўных імён, каб толькі ўпэўніцца, ці ёсць такое. Было, вядома ж. Святар нічога не сказаў, раз-два ахрысціў малечу, і нават нядорага за гэта ўзяў.
Калі некаторыя лічаць, што выбар імя дзіцяці ўплывае на яго пазнейшую індывідуальнасць, то ў выпадку Сакрата Яновіча спраўдзілася гэта аж надта. Вырас на чалавека, якога ў многім можна параўноўваць са старажытным геніем, зусім не ўцякаючы ў мегаламанію. Але ў дзяцінстве нічога на гэта не паказвала. Крацё (так бацькі называлі хлопчыка) усё чамусьці хварэў, доўга не гаварыў, і пачаў хадзіць толькі тады, калі скончыў тры годзікі.
Дзяцінства Сакрата Яновіча праходзіла пад штораз мяняючыміся ўладамі. Не пакідаючы хаты прыйшлося яму быць спярша грамадзянінам Рэчы Паспалітай, потым Савецкага Саюза (Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі), затым ІІІ-га Рэйху, і ўрэшце зноў Польшчы (Польскай Народнай Рэспублікі). Дарастаў паўсіратою, бо бацька трапіў у нямецкі палон і з’явіўся ў Крынках толькі ў сорак
трэцім, навесну. Атрымаў водпуск з фабрыкі абутку ў Дрэздэне, дзе працаваў шаўцом. Крацё, калі ўгледзеў кагосці яму незнаёмага, з гладка аголеным тварам, якога дрындай-фурманкай прывёз дзядзька з Барсуковіны, уцёк у хату і схаваўся пад ложкам.
Косцік у Дрэздэн ужо не вярнуўся. Пашчасціла яму наняцца на працу ў недалёкай Саколцы, дзе немцы арганізоўвалі цэх для рамонту жаўнерскага абутку сваім вайскоўцам, якіх саветы перлі ад Смаленска. Дзякуючы таму сын урэшце меў бацьку, які кожны тыдзень прыязджаў дахаты роварам і надалей займаўся шавецтвам, зарабляючы неблагія грошы (у крынскім доме наладзіў варштат, заказаў было мноства).
Восенню 1943 г. канчаткова немцы ліквідавалі крынскае гета. Жыдоў спярша вывезлі былі ў зборны пункт у Келбасіна, што непадалёк Гродна, а адтуль у крэматорыі Асвенціма ды Трэблінкі. Праз пару месяцаў геена ахапіла ўсе Крынкі. Немцы, адступаючы, распалілі ўсюды агонь, каб як найменш дабра пакінуць саветам. Сакольская з хацінаю Яновічаў шчасліва ўцалела. Крацё з матуляй хаваліся ў шалашах з яліны на багнах за Барсуковінай.
Калі выгналі немцаў, яшчэ доўга не было ўпэўненасці, ці Крынкі будуць пад Саветамі, ці вернецца тут Польшч. Схіляліся першаму. Ну, бо калі нават адукаваныя людзі былі перакананыя, што ўсё будзе як за савета... — Няма што, Беласток застанецца ў Савецкім Саюзе, — упэўненыя былі віленскія прафесары, пераносячы свой універсітэт ажно ў Торунь.
Канец канцоў Крынкі апынуліся, аднак, у Польшчы. Хаця ў наваколлі яшчэ доўга спакою не было. Начамі находзілі бандыты з ліквідаванага АК, дабіраючыся да кацапаў. У Крынках застрэлілі пару актывістаў, якія сталі арганізаваць чырвоную ўладу, разбілі пастарунак міліцыі. Дзядзьку Краця і яго жонку з Клышаўкі замучылі насмерць у лясочку за хутарам.
Разам з тым праходзіла славутая рэпатрыяцыя. На ўсход падаваліся праваслаўныя, якіх паганялі leni, а адтуль прыязджалі католікі, ветліва вітаныя ксяндзамі. Такім чынам у Крынках даваенныя канфесійныя прапорцыі памяняліся ў другі бок, — цяпер гэта праваслаўныя сталі меншасцю. Але і так яшчэ доўгія гады амаль усе размаўлялі па-просту. Толькі адзін з усіх рэпатрыянтаў дэманстратыўна стаў гаварыць па-польску. Назвалі яго — „палячык”.
У школу Крацё пайшоў як васьмігадовы хлопчык, адразу ў другі клас, бо чытаць і пісаць ужо ўмеў. Па-беларуску. У восень 1944 г. адкрылі ў Крынках дзве школы — адну менавіта беларускую і другую, польскую. Беларускія класы хуценька закрылі і засталіся толькі польскія.
Калі толькі прыціх ваенны шум, Яновічыкі вырашылі перабрацца з даліны на ўзгорак — бліжэй цэнтра. Кастусь скантактаваўся з жыдам, што ўцалеў з нямецкага пекла і за невялікія грошы купіў ад яго пажарышча пры цяперашняй Сакольскай 9. Руіны стаяўшай тут раней згарэлай камяніцы як і ўсіх былых жыдоўскіх муроў вывезлі ў Беласток і Варшаву (згодна з загадам: „cały naród buduje swoją stolicę”).
Свой новы дом Яновічы пабудавалі традыцыйна, з драўніны. Матэрыял загатовілі, звозячы паўлегальна калоды з навакольных лясоў. Каб заплаціць за работу майстрам, бацька — шавец і маці — краўчыха прымалі заказы на свае паслугі ад сялян з усяго наваколля.
Шыкоўны дом з венецыянскімі вокнамі — на нямецкі манер, падгледзены Кастусём у няволі — стаіць па сёння. Сын Сакрат потым яго павялічыў і адрамантаваў.
Пасля вайны Крынкі страцілі гарадскія правы. І хаця надалей былі надта жывым і гаманлівым мястэчкам, і нават узніклі тут новыя прадпрыемствы, то шмат хто — а моладзь дык амаль уся — зразумеў, што няма тут чаго шукаць, і народ масава падаўся ў горад. Разам з ім — і Сакрат, які ранняй восенню 1950 г. паспяхова здаў экзамен у механічны тэхнікум у Беластоку. З Крынак выехаў на фурманцы, моцна перакананы ў тым, што пастаянна жыць сюды ўжо не вернецца. Аднак, праз пару месяцаў навукі дапаў яго туберкулёз. З-за хваробы страціў увесь школьны год. Здаравеў у бацькоўскім доме, неяк дайшоў да сябе і вярнуўся ў школу. Але ўжо ў іншы тэхнікум, бо электрычны, не пераносячы паху шмараў, скрыгатання металаў, бездушнасці жалеза.
Вывучаючы матэматыку, фізіку і тэхнічныя прафесійныя прадметы, Крацё нават не падумаў, што ў недалёкай будучыні сядзе пры машыне, але цалкам іншай — друкавальнай. Пасля тэхнікума крыху папрацаваў згодна з вывучанай прафесіяй у баваўняным камбінаце „Фасты”, адкуль сцягнулі яго ў свежаарганізаваную ў Беластоку рэдакцыю беларускага тыднёвіка „Ніва”. Трапіў сюды з „лапанкі”, праявіўшы свае беларускія зацікаўленні, калі прыдумаў быў апрацаваць інфарматар пра новыя тэхнічныя тэхналогіі, каб паслаць яго ў... Мінск. Беларусь як такая нават яму не снілася, бо па вушы сядзеў у рускасці, чаго вызначальным для яно сімвалам была царква. Пра бел-чырвона-белыя нацыянальныя колеры і гістарычны знак Пагоні даведаўся, калі было яму ўжо пад пяцьдзесят. У „Ніве” і Беларускім грамадска-культурным таварыстве разбуджаў і распаўсюджваў беларускасць цалкам іншую — вясковую і народную, а не нацыянальную. Каб не адысці ад праграмнай лініі ўсяўладнай Польскай аб’яднанай рабочай партыі (падрэдактар Сакрат Яновіч у яе рады ўступіў без аніякіх сумненняў, бо „такі быў час”).
Рэдакцыйны Крацеў сябра Міхась Хмялеўскі, ураджэнец Паўднёвага Вострава пад Крынкамі, высватаў яму сваю зямлячку Таню Хомчанку, таксама тэхніка па адукацыі, будаўнічага. Маладыя пачалі жыць у службовай кватэры — цесным пакойчыку ў даваеннай яшчэ камяніцы па вул. Кілінскага, з „туалетам” у панадворку... Два гады неяк працярпелі і перабраліся ў двухпакаёвую кватэру ў новапабудаваным
жылым блёку-доме па вул. Складоўскай, атрымаўшы на гэта люкспрывілегію-надзел. Пражылі там сорак гадоў і выхавалі двух сыноў — Вячаслава і Яраслава.
Сакрат Яновіч на штаце ў „Ніве” працаваў да кастрычніка 1970 г. Тыя каля пятнаццаці гадоў для сялянскага сына, які памятаў даваенную галечу, былі як рай на зямлі. Меў неблагія заробкі і прывілегіі тагачаснай наменклатуры. Такую дабрыню спыніла інтрыга аднаго сябра — літаратара, былога ўбоўца. Яновіча з гукам выкінулі з партыі і звольнілі з „Нівы”. Далі яму „воўчы білет”, трыццаць наступных гадоў мог працаваць толькі часова, бо на даўжэй узяць яго на працу ніхто не хацеў рызыкаваць. Каб утрымаць сям’ю, працаваў дзе толькі мог — як чорнарабочы збіваў скрыні, трохі быў інструктарам па справах бяспекі і гігіены працы, урэшце святліцовым у доме культуры. У гэтых прыземных клопатах няшмат дапамагло яму нават заканчэнне паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, дзе дыпом магістра абараніў, маючы ўжо каля сарака гадоў.
Ажно да пенсіі зарабляў перадусім пішучы кніжкі і артыкулы. Не парваў кантактаў нават з „Нівай”, дасылаў карэспандэнцыі і ўрэшце ў 80-ых гадах ізноў коратка пайшоў туды на працу — на паўштату як тэхнічны рэдактар наглядаў друк.
Хатні бюджэт ратавалі яшчэ творчыя стыпендыі — часам на год а то і на даўжэй, таксама ганарары за выданыя кніжкі, аўтарскія сустрэчы і артыкулы ў прэсе. За грошы, што зарабіў за даклады для беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Амерыцы адрамантаваў бацькоўскі дом, куды ў 1994 г. вярнуўся з жонкаю жыць, назаўсёды пакідаючы Беласток.
Коратка заняўся быў палітыкай. Як прадстаўнік беларускай мяншыні кандыдаваў у 1989 г. у Сенат, а пасля быў адным з ініцыятараў паклікання палітычнай партыі, Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, і першым яе старшынёю.
На пенсію пайшоў у нармальным тэрміне, значыць, скончыўшы 65 гадоў. Эмерытуру гарантавала яму членства ў Саюзе польскіх літаратараў. Аднак дзесяць гадоў прышйлося яму самому плаціць штомесячныя эмерытальныя складчыны, амаль столькі, колькі і будучая пенсія. У гэтай бядзе ратаваў яго беластоцкі „Часопіс”, дзе нейкі час быў сакратаром рэдакцыі і меў свае пастаянныя рубрыкі. Каб выжыць, пісаў куды толькі мог.
У 1999 г. разам з сябрамі — рэдактарам Юркам Хмялеўскім і мастаком Лёнікам Тарасэвічам паклікаў таварыства Villa Sokrates з сядзібай у сваім доме па Сакольскай 9 і пачаў арганізоўваць Беларускія Трыялогі — кожны год летам. Іх удзельнікі — пісьменнікі, перакладчыкі, крытыкі і журналісты з усяго свету. Галоўнай мэтай Трыялогаў з’яўляецца пашырэнне ведаў пра беларускую літаратуру і культуру ў Еўропе і свеце. Дзеля гэтага пад рэдакцыяй Сакрата Яновіча таварыствам Villa Sokrates выдаецца гадавік „Annus Albaruthenicus” („Год Беларускі”) — том на мовах Еўропы, для Еўропы.
Надта інтэнсіўнае і нялёгкае жыццё паўплывала на тое, што ў пісьменніка з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Найперш — на пачатку 90-х гадоў лекары ў яго арганізме выкрылі цукровую хваробу, потым паявіліся камплікацыі сэрца, дайшло да мазгавога ўдару. Застаецца пад пастаянным наглядам лекараў спецыялістаў, тры разы ў дзень робіць сабе ўколы з інсулінам, глытае жмені лякарстваў.
Сакрат Яновіч, аднак, не здаецца. Надалей як аўтар ён актыўны,
а для людзей — ветлівы, сімпатычны і зычлівы. Застаецца верны і адданы беларускай культуры і сваім Крынкам. Увесь час вядомы і паважаны ў Польшчы, Еўропе і свеце.
Такога вобразу не прыцьміла нават выяўленне ім сумнай праўды пра сябе, якую хаваў паўвеку. 18 жніўня 1958 г. Сакрат Яновіч стаў тайным супрацоўнікам польскай бяспекі з псеўданімам TW „Kastu”. З убоўцамі прыйшлося яму змагацца амаль усё дарослае жыццё, асабліва калі не вытрымаў ціску і гераічна ў 1970 г. адмовіўся ад супрацоўніцтва.
Разбяр слова
Як літаратар Сакрат Яновіч дэбютаваў выдадзеным у 1969 г. зборнікам „Загоны”. Увайшлі туды мініяцюры — вершы напісаныя прозай, якія крытыкі пазней прылічылі да асобнага жанру, як „сакраткі”. Пісаў іх з канца 1959 г., і яны менавіта ўкшталтавалі ўсю пазнейшую літаратурную творчасць аўтара. У мініяцюрах апісаў сялянска-беларускі свет Беласточчыны, тады яшчэ жывы, нязменны ад соцень гадоў. Пісьменнік схапіў гэта ў апошні момант, бо сёння ўжо толькі менавіта ў гэтых радках можна знайсці хаця б частку таго незвычайнага клімату, які прыгасаў у вачах тлумнага пакалення Яновіча — уцекачоў з вёскі ў горад.
У „сакратках” заўважальны аграмадны творчы высілак аўтара. Як сам калісь прызнаўся — даў там з сябе ўсё. Падбіраў словы так, каб як найглыбей увайсці ў змест, і каб прытым былі яны непаўторна прыгожымі.
Каб так пісаць, патрэбны перадусім спакой і ўнутранае сцішэнне. Замалёўку „Фэст” напісаў Яновіч вячорком у... туалеце на ўнітазе. Толькі там змог адарвацца ад хатняга гоману, жонкі, дзетак, і перанесціся ў свет паэзіі.
У 1973 г. „Загоны” выйшлі ў перакладзе на польскую мову як „Wielkie miasto Biaystok”. Пазней некаторыя творы былі таксама выдадзены на англійскай і італьянскай мовах, у Лондане і Венецыі.
У сямідзесятыя гады Яновіч напісаў два раманы — „Сцяну” і „Самасея”. Апісаныя там жыццё і праблемы пакалення аўтара — вяскоўцаў-мужыкоў, што аселі ў Беластоку, у час росквіту Народнай Польшчы. Знойдзем там шчасце, якое новыя мяшчане знайшлі ў кватэрах у блёку, але і іхны страх перад усяўладнай бюракратыяй, надта разбудаванай, таксама іх разгубленасць і няўпэўненасць свайго далейшага лёсу. У абедзвюх кніжках шмат аўтабіяграфічных сюжэтаў. Бо, як любіць паўтараць Яновіч — што б пісьменнік не пісаў, то і так найбольш напіша пра самога сябе.
Тыя два раманы былі таксама перакладзены на польскую мову, як і амаль уся беларускамоўная творчасць аўтара. Толькі па-польску Яновіч у 1990 г. напісаў кніжачку „Dolina pena losu”. Гэта таксама ў значнай меры — аўтабіяграфія. Апісаны там пасляваенны лёс жыхароў даліны вакол Сакольскай вуліцы ў Крынках. У прынцыпе гэта не раман, але, так сказаць, даўжэйшае апавяданне, хаця няма там выразнай акцыі і фабулы.
У творчасці Сакрата Яновіча даецца выдзеліць спецыяльны від літаратуры — гістарычныя эсэ і апавяданні. Найперш, у 1979 г., выйшаў напісаны ім па-мастацку „Сярэбраны яздок” — апавяданне пра часы студзенскага мяцежа-паўстання 1863 г. на Крыншчыне і Гарадзеншчыне. Пасля была гістарычная гавэнда „Biaoru, Biaoru”, пра тысячу гадоў беларускіх падзей. Пашыраны і актуалізаваны варыянт кніжкі выйшаў у 2000-ым годзе як інтэрв’ю-рака — „Nasze tysic lat” з рэдактарам Юркам Хмялеўскім. У міжчасе ў падобным стылі Яновіч напісаў рэч пра Гарадок — „Duch hetmanw”. Надта шмат розных гістарычных эсэ пра беларускае мінулае апублікаваў на старонках прэсы. Потым увайшлі яны ў кніжкі — „Terra incognita: Biaoru”, „Ojczysto”, „Пад знакамі Арла і Пагоні” (гутаркі па радыё).
Сакрат Яновіч як толькі дэбютаваў як аўтар кніжкі, у 1970 г. завёў дзённік. Сталася гэта пад уплывам шматлікіх прыкрасцей, якія напаткалі яго ў той час. І так у пісьменніка з’явіўся навык рабіць пастаянныя запіскі. Бягуча аднатоўваў здарэнні са сваім удзелам і агульныя рэфлексіі. Рабіў гэта як хроніку. Першую частку сваіх нататак перадаў у Бібліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане, куды паехаў быў у 1981 г. на запрашэнне беларускай эміграцыі ў Англіі. Баяўся, каб тыя рукапісы не дасталіся ў рукі камуністычнай бяспекі.
У 1987 г. фрагменты сваіх дзённікаў стаў публікаваць на старонках „Нівы”. Пасля дзесяці гадоў з’явіліся яны ў кніжным выданні як „Дзённікі: 1987-1995”. Нататкі з наступных пяці гадоў выйшлі друкам у „Тэрмапілах”, перыёдыку, які з 2001 г. пачало выдаваць Беларускае літаратурнае аб’яднанне „Белавежа”, пад рэдакцыяй праф. Яна Чыквіна.
На аснове дзённікаў Яновіч напісаў том успамінаў „Не жаль пражытага”, які на бягуча публікаваў у фрагментах штомесячнік „Часопіс” (з 1998-га па 2003-ці год). Абшырныя фрагменты пераклаў на польскую мову Яўген Кабац — варшаўскі пісьменнік родам ад Ваўкавыска.
Сакрат Яновіч ад многіх гадоў і па сёння з’яўляецца найбольш вядомым у свеце польскім беларусам. І не толькі як пісьменнік і публіцыст, але — асоба-ўстанова. Беларуская нацыянальна-культурная ўстанова. Бо Яновіч са сваёй пазалітаратурнай дзейнасцю з’яўляецца сторажам памяці пра беларусаў. Пісьменнік схіляецца акцэнтаваць, аднак, перадусім свае творчыя дасягненні. І мае на тое права, бо на Беласточчыне і сярод палякаў няма такога добрага, заслужанага і вядомага аўтара. Яго прозвішча ёсць жа ў элітным біяграфічным слоўніку „Пісьменнікі свету”.
Навейшая кніжка Сакрата Яновіча — „Хатняе стагоддзе”, якую прапаную ўвазе чытачоў, друкавалася ў фрагментах у „Часопісе” (у 2004-2006 г.г.). Гэта манументальны аповед пра лёс беларусаў на Беласточчыне на працягу ўсяго пакутніцкага дваццатага стагоддзя. Аўтар перадае нашчадкам своеасаблівы, бо хатні, вобраз жыцця некалькіх пакаленняў тае эпохі.
І хаця аўтар апісаў у ёй краявіды, людзей і здарэнні, якія бачыў яшчэ сваймі вачыма, то кніжка мае ўжо гістарычнае значэнне. Бо таго свету няма, а яго хатні вобраз прапаў нават у тутэйшай памяці. Больш таго, многія сёння і чуць пра гэта не хочуць. Апісанае ў кніжцы мабыць памятаюць яшчэ толькі тыя крынскія вулічкі, што нязменна больш за два стагоддзі збягаюць уніз з геніяльна апланаванага шасціканцовага рынку.
Сапраўды, дзіўны гэта лёс, але мабыць таму і чароўны, магічны...

