Сакрат Яновіч, Хатняе стагоддзе, Krynki, Villa Sokrates 2008
Стары Сцяпан з дзіўным прозвішчам Кішкель памёр ад старасці, не хварэючы. Гэта быў той рэдкі чалавек, які бачыў цалюткае стагоддзе, нарадзіўшыся ў тысяча дзевяцьсотым. У тую пару, калі людзі думалі, што найгоршае ўжо было: польскі мяцеж і вайна з туркамі, забойства цара і чорныя бунты ў гарадах, голад недзе ў Расіі і пагромы жыдоў у беларускіх губернях. Нішто страшнейшае не магло стацца. Хоць з’яўленне жалезных дарогаў не прарочыла дабра...
