Віктар Кабац — адзін з найболь вядомых гайнавян. Вядомы ён і ўва ўсім наваколлі як барадады „лясун” — дух пушчы (ён і жыве ў зямлянцы ў Марушцы пад Семяноўкай) , з палітрай і пэндзлем, якім увекавечвае няўлоўнасць Белавежскай пшчы. „Я чалавек пушчы, — кажа Віктар Кабац. — Нарадзіўся ў вёсцы Мінкаўка каля Нараўкі, і ад маленьства жыву ў пушчы. Калі малюю пушчу — раблю эскізы ў лесе. Там нельга прасядзець увесь дзень ды зрабіць цікавы малюнак. Мае эскізы гэта невялікі цяг зроблены мокрым тушам і трохі пастэлямі, дзе захоўваецца клімат пушчы. Месцам майго нараджэння з’яўляецца маленькая вёска Мінкоўка паміж Лядскай і Белавежскай пушчамі. Пушча ад самога дзяцінства была заўжды побач мяне. Пасля гадоў вучобы — пачаў у Нараўцы, пасля ў бельскім педліцэі і ў студыі ў Лодзі і акадэміі мастацтваў у Торуні — вярнуўся я ў краіну свайго дзяцінства, у вялікую Пушчу. Я чалавек шчаслівы, што гэты кавалачак зямлі напаўняе маё жыццё і творчасць. Зрэалізаваў я таксама м.мінш. іканастас у Святадухаўскай царкве ў Беластоку. Маю неба, гарызонт, прастору з усіх бакоў. Пра сваё мастацтва не ўмею доўга гаварыць, таму што мастацтва мае да сябе тое, што аб ім гаварыць цяжка. І не трэба. Я перш за ўсё малюю Белавежскую пушчу, таму што нарадзіўся амаль у Белавежскай пушчы, як і цяпер жыву. Маляваць стары, вялікі лес вельмі цяжка. Лес мае сваю спецыфіку, ён не мае гарызонту, перспектывы, неба, не мае якоесь сарганізаванай структуры. Ёсць гэта такі натоўп прыроды, якая жыве сваім інтэнсіўным жыццём. Каб вырас велізарны трохсотгадовы дуб, ён мусіць намучыцца, ён мусіць усё перамагчы, перш за ўсё знайсці сабе месца, забраць гэтае месца, ператрываць буры, дождж, перавароты, і калі ўсё перамог, у гэтым куточку лесу стаў богам. Мастак мусіць маляваць лес так, як бы шукаў у гэтым кутку бога. Лес будзе выглядаць так як ён ёсць сапраўдны — цёмны. Я шукаю ў лесе такіх месц, такога клімату, які ёсць самастойны. Я першы раз паказваю тут свае хуткія накіды, якія я рабіў у лесе, вялікія, карціны маляваныя перш за ўсё воднымі фарбамі.
— Пушча на карцінах майго брата Віктара дваякая, — кажа дваюрадны брат Віктара, Яўген Кабац, вядомы пісьменнік і дзеяч кульутры, старшыня Зрутавання еўрапейскай культуры, — часам населеная духам веры або іншых містычных сімвалаў, іншым разам толькі зелень і цьмянае золата напаўняе прастору — здалёку, зблізку, ад нутра... Пушча — як храм, кожны, хто яе пакахаў, становіца яе святаром. Стражнікам яе святасці: алтароў, могільнікаў, харугваў, ікон, сонечных промняў на срэбных акладах ікон. Дрэў, імхоў і пошуму ветру. І крыжоў у лесе, аб якіх штораз часцей забываемся, а якія з’яўляцца знакам чалавека ў прыродзе... Мастацтва можа быць таксама супольнай памяццю чалавека і натуры, пакідаючы ў плыні жыцця сляды суіснавання і супрацоўніцтва. У такой сітуацыі нават смерць патрапіць быць годнай сімбіёзу: калі мастацтва выводзіць гэтыя значэнні па-за іх быццё. Віктар Кабац вяжа тыя значэнні і стварае ікону лесу. Ён мастак глыбокай уявы, ідзе следам самога сябе як чалавека пагранічча, узносячы па дарозе крыжы ў лесе, увекавечваючы беларускіх змагароў, пакутнікаў Курапат. Калі спашлецца прытым на чалавечае сумленне і боль, рэлігійнасць гэтага мастацкага ўшанавання пераносіцца на ікону дрэва змрочным бляскам трагедыі. Гэта мастацтва скупых колераў і важнага зместу. Яго вобраз іконы пушчы ўзмацняецца таксама творчасцю яго жонкі Галіны, гісторыка, паэтэсы і іканапіскі. Віктар Кабац застаўся верным Белавежскай пушчы, лесу. Яго жывапіс — гэта быццам бы род размовы, дыялогу з пушчай, з дрэвам. Драматычна гэта выглядае, бо лес трэба разумець, перажываць яго, знаходзячы ў ім той храм.
Віктар Кабац актыўна дзейнічае ў саюзе польскіх мастакоў, арганізуе пленэры і выставы м.інш. у Нараўчанскай гміне. Зрэдчас засяроджваецца і на сваіх персанальных выстаўках. Такой з’яўляецца яго аўтарская выстава ў Музеі і асяродку Беларскай культуры, адкрытая ў снежні 2011 года. Цыкл прац „Курапаты” пачаў Віктар Кабац каля дзесяці гадоў таму і толькі адну з 18 работ паказаў раней на выстаўцы ў Беластоку. Усе іншыя працы паказваюцца на выстаўцы ў гайнаўскім музеі ўпершыню.
— Ёсць месцы на зямлі, пра якія трэба памятаць. Такім месцам з’яўляюцца Курапаты. Яны — Галгофа Беларусі. На гэтым маленькім кавалку нашай цудоўнай планеты гінулі тысячы людскіх існаванняў розных нацыянальнасцей — нібыта „ворагі народа”. Гэтае месца — трагічны сімвал згубы ўсіх гуманных памкненняў і пачуццяў людзей. Мае сімвалічныя працы былі створаны як супраціў усялякай тыраніі, у імя памяці звычайнага безабароннага чалавека, — напісаў Віктар Кабац у буклеце прысвечаным выстаўцы „За гарызонтам” і ўдакладніў: — У Курапатах побач Мінска ў другой палове трыццатых гадоў мінулага стагоддзя адбываліся масавыя экзекуцыі тысяч беларусаў і людзей іншых нацыянальнасцей. У Курапатах адбыўся генацыд. Загігулі тысячы людзей і нават Катынь гэта маленькая мурашка ў параўнанні з тым, што сталася ў Курапатах. Палякі сумелі ўшанаваць памяць сваіх суродзічаў, якія ляжаць побач Катыня. А якія ж адносіны нас, беларусаў, да курапацкай трагедыі? Не толькі няма там ніякага помніка, пастаўленага ў знак пашаны для памардаваных стрэлам у галаву, але гэта месца прызабытае не толькі Лукашэнкам. У саснова-бярозавыя пралескі, што растуць над памардаванымі людзьмі, частка жыхароў Мінска прыязджае на адпачынак. Драўляныя крыжы, якія пастаянна ставяць у Курапатах беларускія патрыёты, часта прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных арганізацый, масава знішчаюцца. Я, як беларус, палічыў абавязкам аддаць гонар усім там загінуўшым, дзе побач беларусаў ляжаць людзі іншых нацыянальнасцей. Рашыўся свае думкі і пачуцці паказаць на мастацкіх працах. Задумваўся, як у мастацтве паказаць такое злачынства і рашыўся зрабіць гэта з выкарыстаннем сімвалаў. Пра курапацкую трагедыю даведаўся я з кніжачкі Зянона Пазняка, якую ўзяў з музейнай бібліятэкі і быў у шоку. Там жа побач беларусаў ляжаць таксама палякі, французы, немцы. Лукашэнка ставіць помнікі невядома якім партызанам, а не хоча паставіць помніка загінуўшым у Курапатах беларусам. Нават да масавага ведама не даецца інфармацыя аб злачынстве, якое зрабілі энкавэдзісты. Больш дакладна даведаўся я пра цяперашні выгляд Курапатаў ад Міколы Ваўранюка і Юрыя Каліны, з іх расказаў і фільмаў, якія здымалі ў курапацкіх пралесках. Спачатку я стаў выконваць алейныя карціны з курапацкай тэмай (тры карціны на выстаўцы), потым рашыўся выкарыстаць туш (на выстаўцы 15 графік выкананых тушшу).
...На кожнай маёй працы ёсць распяты Хрыстос, які стаяў за кожным чалавекам расстраляным у Курапатах. Можна сказаць, што такімі страшэннымі здарэннямі як бы распіналі Хрыста другі раз. На працы „Развітанне з сонцам” чалавек стаіць над чорнай ямай, бачыць толькі фрагмент сонца і чакае стрэлу ў галаву, бо так забівалі людзей у Курапатах. На іншай рабоце відаць чаргу людзей, якая стаіць перад ямай, у якую сыплюцца людскія чэрапы. На яшчэ іншай працы бачым маці, якая стаіць у роспачы па страце свайго сына і плача. Побач алейных прац і графікі выкананай чорнай тушшу разлітай на вадзе на выстаўцы прэзентуюцца таксама разьбярскія формы з паліхроміяй. Прасторавыя формы гэта знойдзеныя на полі або ў лесе драўляныя шчэпкі, тоўстыя дошкі, ці часткі пянькоў, на якіх я ўбачыў цікавыя матывы. Пасля драўніна апальвалася ў агні і пакрывалася фарбай. У некаторыя работы ўбіваў я цвікі, а на адной рабоце прымацаваў да драўніны керамічныя вырабы. Такую разьбярскую форму нельга выканаць дома і таму я выконваў іх ў час пленэраў.
— Віктар Кабац ідзе следам сябе самога, як чалавек памежжа, узносячы па дарозе крыжы ў лесе, увекавечваючы то старое месца размяшчэння лагера польскіх паўстанцаў, то беларускіх генералаў з часоў Пілсудскага, то ў поўным цыкле карцін магілы расстраляных НКВД у Курапатах беларусаў і палякаў. Калі пры гэтым адклікацца да чалавечага сумлення і болю, калі на лясным цвінтары з’явіцца Хрыстос, рэлігійнасць гэтай мастацкай пашаны пераносіцца на ікону дрэва змрочным бляскам трагедыі ... Такое яно, мастацтва маэстра Кабаца: мастацтва ашчадных колераў і важных зместаў, — падвёў словам колер брата Яўген Кабац.

