705 — у 1307 г. Полацкае княства ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага на правах аўтаноміі.
545 — 1.01.1467 г. нар. Жыгімонт І Стары, вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы (1506-1548), унук Ягайлы. Памёр 1.04.1548 г.
280 — 17.01.1732 г. у Волчыне нар. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай (з 1764 г.), мэцэнат культуры. Памёр 12.02.1798 г. у Пецярбурзе.
140 — 7(19).01.1862 г. памёр Міхаіл Без-Карніловіч (нар. 29.09.(10.10.)1796 г. на Магілёўшчыне), краязнавец і этнограф, тапограф, статыстык, генерал-маёр рускай арміі. Пад яго кіраўніцтвам у 1831-1847 гг. праводзілася тапаграфічнае і вайскова-статыстычнае вывучэньне м. інш. Беластоцкай акругі.
120 — 6.01.1892 г. у в. Арляняты, Ашмянскага павету нар. кс. Адам Станкевіч (памёр у лагеры Тайшэт, Іркуцкай вобласьці 29.11.1949 г.), сьвятар, палітычны, рэлігійна-культурны дзеяч. У 1914 г. скончыў Віленскую Каталіцкую Сэмінарыю. Як адзін зь першых ксяндзоў стаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. У 1922 г. быў абраны паслом у польскі Сойм. Быў ініцыятарам, кіраўніком, рэдактарам многіх беларускіх арганізацыяў, публікацыяў. Прасьледаваны польскімі ўладамі. Нямецкую акупацыю перажыў у Вільні. У 1944 г. не падаўся ў эміграцыю, быў арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1949 г.
120 — 20.01.1892 г. у в. Шакуны, Пружанскага павету нар. Рыгор Шырма (памёр 23.03.1978 г.), харавы дырыжор, фальклярыст, грамадзкі дзеяч. Актыўна ўключыўся ў беларускі рух у 1922 г., дзейнічаў у Беларускім Выбарчым Камітэце. Пасьля стаў настаўнікам сьпеву ў Віленскай Беларускай Гімназіі, выхавацелем у інтэрнаце гімназіі. Грамадзка працаваў у Таварыстве Беларускай Школы. Выдаваў зборнікі беларускіх песьняў. Стварыў і кіраваў двума хорамі ў Вільні: вучнёўскім пры гімназіі ды студэнцкім. Двойчы быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасьля вайны жыў у БССР, праяўляў вялікую грамадзкую й прафэсійную актыўнасьць.
120 — 20.01.1892 нар. у засьценку Мацюлішкі на Віленшчыне Браніслаў Тарашкевіч (расстраляны саветамі 29.11.1938 г.), мовазнавец, палітычны і грамадзкі дзеяч, публіцыст, перакладчык. Выпускнік Пецярбургскага Унівэрсытэту. Дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі (1921-1922), пасол польскага Сойму (1922-1927), заснавальнік Таварыства Беларускай Школы, Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. У 1933 г. у рамках абмену палітычнымі вязьнямі, паехаў у Савецкі Саюз.
120 — 31.01.1892 г. нар. у Капылі Алесь Гурло, паэт „нашанівец”. Дэбютаваў у „Нашай Ніве” ў 1907 г. вершам „Маці-Беларусь”. У міжваенны час працаваў у Інбелкульце і ў Інстытуце мовы АН БССР у Менску, быў членам літаратурных аб’яднаньняў „Маладняк”, „Полымя”, „Пробліск”. У 1930 г. арыштаваны і высланы на 5 гадоў у Самару. Пасьля вяртаньня ў Менск памёр ад сухотаў 4.02.1938 г. Аўтар зборнікаў вершаў: „Барвёнак” (1924), „Спатканьні” (1925), „Сузор’і” (1926), „Межы” (1929).
90 — 28.01.1922 г. у в. Клімавічы на Лідчыне нар. Янка Жамойцін (пам. 28.04.2003 г.), грамадзкі дзеяч, публіцыст. Сярэднюю адукацыю пачаў у 1936 г. у варшаўскай гімназіі ім. Уладыслава IV, атэстат сьпеласьці атрымаў у беларускай сярэдняй школе ў Наваградку ў 1943 г. Пасьля навукі па загаду Беларускай Незалежніцкай Партыі працаваў у Саюзе Беларускай Моладзі. Зьяўляўся акруговым кіраўніком СБМ у Наваградку. З ліпеня 1944 г. да траўня 1945 г. апекаваўся беларускімі хлопцамі ў нямецкіх лагерах працы ў Кёльн, Дэсаў. З кастрычніка 1945 г. жыў у Польшчы, дзе у сьнежні 1949 г. быў арыштаваны па загаду НКВД і асуджаны ў Менску (у верасьні 1951 г.) на 25 год зьняволеньня ў лагеры. Звольнены у жніўні 1956 г. Ад студзеня 1957 г. жыў у Варшаве. Вышэйшую адукацыю закончыў у Варшаўскім Унівэрсытэце. Быў актыўны ў беларускім культурным жыцьці ў Польшчы. Член шматлікіх беларускіх арганізацыяў. Публікаваўся ў беларускіх выданьнях у Польшчы і ЗША. У 1996 г. былі выдадзены ягоныя ўспаміны „З перажытага”. Памёр 28.04.2003 г. у дарозе на бацькаўшчыну.
